Вучымся разам размаўляць на беларускай мове

      Часцей за ўсе бывае так, дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой рабіць дамашнюю работу па-беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

         Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную установу, то вы павінны ведаць, што існуюць заняткі на беларускай мове ў групах сярэдняга і старэйшага ўзросту. На іх рэалізуюцца задачы раздзела “Развіццё маўлення ” вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі. Назначаецца адзіны дзень маўлення па-беларуску, калі з раніцы і да вечара дзеці чуюць беларускую мову ў садку і самі спрабуюць на ёй размаўляць.  Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы, напрыклад  “Свята ураджаю”, “Калядкі”, “Сустракаем вясну” і іншыя, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.

        А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове.

      Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

      На кухне няхай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

        Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашай вёскі, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе у школу, вы ўбачыце, што нездарма бавілі  з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

         Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                   В.А.Філіпчанка

згарнуць