Міні-музей “ Беларуская хатка”

Занятак - падарожжа ў сялянскую хату

Да бабулі Васіліны мы паедзем у госці

Занятак-падарожжа ў сялянскую хату (міні – музей)

(для дзяцей старшай групы  (5-6 гадоў)

 

Праграмныя задачы: развіваць патрэбнасць у пазнанні сацыяльнай рэчаіснасці, пазнаёміць дзяцей з сялянскім бытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце; выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага Беларусі

Абсталяванне: беларускі касцюм, рэчы міні – музея “Беларуская хата”

Ход занятку

Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В.). Дзеці, сёння нас запрашае да сабе ў госці бабуля Васіліна. Давайце хутчэй збірацца. (Гучыць беларуская музыка.)

Прыветна вокны пазіраюць,

Нібыта ў госці запрашаюць.

Ну, добры выгляд хата мае.

Цікава... Хто ж нас там чакае? 

 

(Стук у дзверы.)

Васіліна. Міласці просім кожнага ў нашай хаце госцем быць. Тут павячэраць, адпачыць вам давядзецца сёння. Цікавыя рэчы пазнаць, гульні і песні спяваць.

- Бачыце, як у мяне прыгожа! Тут шмат чаго цікавага. А хочаце даведацца, што ў мяне ёсць? Ну дык, падыходзьце да стала.

В. Дзеці, паглядзіце, які прыгожы абрус у бабулі Васіліны. Адкуль ён у цябе?

Васіліна. Гэты абрус захаваўся ад маёй маці. Яго яна ткала сама. Матуля засцілала ім стол, калі чакала гасцей, і ў хаце адразу станавілася святло і ўтульна. Абрус складаецца з двух полак - кавалкаў льнянога палатна, злу-чаных пасярэдзіне прошваю. Прошва - гэта скразны ажурны шоў. Сам абрус упрыгожваецца раслінным арнаментам, крыжыкамі, клетачкамі, палоскамі, шырокімі або вузкімі. Краі абруса ўпрыгожвае махра - распушчаныя ніткі. Раней дзяўчаткі забаўляліся, заплятаўшы махру ў тугія коскі.

А са мной разам жыве ў хаце сябар. Здагадайцеся, хто гэта.

 

Хто з зялёнымі вачамі

Грозна бліскае начамі?

Мае пухленькія лапкі,

Мае кіпцікі-царапкі?

Спінку пругка выгінае,

Страх на мышак наганяе? 

Дзеці - (Кот.)

 - Дзеці, вы не бачылі майго ката Васіля? Ён такі свавольнік, любіць хавацца. Давайце яго пашукаем. (Дзеці шукаюць ката і знаходзяць яго на печы.)

В. Печка цяпло захоўвае, вось кот там і спіць.

Васіліна. Ой, ой, дзеці, загулялася я з вамі і зараз нічога не паспею. Сёння я хацела вас пачаставаць смачнай кашай. Ай, вай-вай. Што ж мне рабіць?.. Дзе мой чыгунок?.. А, знайшла. Мой чыгунок моцны, агня не баіцца, таму што кавалі ў кузні адлілі яго з чугуна. - Дзеці, ці ведаеце вы, як варыць кашу? Што для гэтага патрэбна? (Адказы дзяцей.) Добра, дапамаглі вы мне. А каб рукі не апячы, я вазьму вілкі. (Паказывае вілкі, ставіць чыгунок у печ.)

В. Як цёпла і ўтульна ў хаце бабы Васіліны, гут можна паляжаць і пагрэцца. Васіліна. Печ у сялянскай хаце займае пачэснае месца. У ёй не толькі вараць, жараць, але яна і лечыць, аберагае людзей ад хвароб. Хворае дзіця заўсёды клалі на печ, бо печ сімвалізуе здароўе. Здаўна вядома, што калі чалавек уваходзіў у хату, дзе знаходзіўся хворы, то госць павінен перш за ўсё зірнуць на печ, і хвароба ў такім выпадку да яго не прыстане.

Фізкультхвілінка

( рухі ў адпаведнасці са словамі)

Мы рукамі хлоп-хлоп,

Мы нагамі топ-топ,

Мы плячыма чык-чык,

Мы лакцямі тык-тык.

Сюды – раз, туды – два

Павярнулась галава.

Раз – прыселі, два – усталі,

Як пружынкі паскакалі.

Рукі ўверх усе паднялі

І рукамі памахалі.

Раз, два! Раз, два!(хадзьба на месцы)

За работу нам пара.

 

В. Васіліна, нешта цёмна ў хаце стала, запалі свет. (Васіліна бярэ газавую лямпу.) Што гэта за рэч?

Васіліна. Гэта газавая лямпа. Зараз я запалю яе (запальвае лямпу) і вы ўбачыце, як яна свеціць. У ёй свеціцца агеньчык.

В. Сапраўды, агонь жыве ў газавай лямпе. А дзе ён яшчэ можа жыць? (Адказы дзяцей.)

Васіліна. Нешта вы, дзеці, засядзеліся. А танцаваць вы любіце?

Дзяўчынка. Любім пець мы, жартаваць, У гульні розныя гуляць.

Xлопчык. Як пастаўлю рукі ў бокі,

                  Самі ногі ідуць у скокі.     

                  Паглядзіце на мяне які я высокі.

Васіліна. Во тож дзеці цяпер пайшлі. I вясёлыя, і спевакі добрыя, і танцоры. I, вядома ж, разумныя? Загадаю я вам зараз загадкі, а адгадкі знаходзяцца ў маім куфэрку. (Адгадку дастае з куфэрка.)

На дварэ стаіць зіма.

Гурбы - як ахапкі.

Мёрзнуць вушы,

Мёрзне лоб,

Як ідзеш без ... (шапкі).

Бягуць - скрыпяць,

стануць - маўчаць. (Боты.)

Чатыры вушкі і два брушкі. (Падушка.)

Раніцу кожную лашчыць,

Сушыць шыю,

Рукі, твар і вушы. (Ручнік.)

Васіліна (паказывае ручнік). Што гэта? Правільна, па-руску "полотенце". А па-беларуску - ручнік. Ён патрэбны для таго, каб выціраць рукі. Хутчэй мыйце рукі і сядайце за стол! Пара кашу даставаць, а то баюся, каб не прыгарэла... Частуйцеся, калі ласка

Гаўрук Л.І.                                       выхавальнік дашкольнай адукацыі

згарнуць

  Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці дзяцей менавіта з музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне. Тут яны ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а паняцці “Радзіма”, “родны кут”, “любоў да Айчыны” напаўняюцца новым сэнсам.

  Наяўнасць у дзіцячым садку музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей дзяцей, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры.

   У музеі дзеці бачаць прадметы — праўдзівыя сведкі культурнай спадчыны народа, яго багацця. Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю. Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом, пачаставаўшы гасцей верашчакай, дранікамі, пульхнымі блінамі.

   Адна справа — бачыць першабытныя прылады на фотаздымках, а зусім іншая — патрымаць у руках гэтыя рэчы. Можна шмат разоў гаварыць аб прыроднай кемлівасці і спрактыкаванасці нашых продкаў, іх уменні прыстасоўвацца да жыццёвых сітуацый і цяжкасцей, а можна прадэманстраваць дзецям драўляную мянташку, якую выкарыстоўвалі нашы продкі для таго, каб навастрыць касу, і паказаць, як гэта рабілася, як можна дрэвам завастрыць жалеза.  Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем калышуць ляльку ў зыбцы, прасуюць бялізну з дапамогай валка і качалкі. Праз шэраг свят, экскурсій, заняткаў рабяты далучаюцца да гістарычнай спадчыны.

Запрашаем ў музей " Беларуская хатка"

Выхавальнік дашкольнай адукацыі              Гаўрук Л.І.

згарнуць