Групы кароткачасовага знаходжання

Група кароткачасовага знаходжання

З 01.08.2023 ва  ўстанове дашкольнай адукацыі з улікам запытаў  законных прадстаўнікоў будзе працаваць :

 Прагулачная  група наведвання выхаванцаў

Рэжым работы групы : 11.00 - 12.30.

      У адпаведнасці з пунктам 31 Палажэння прыём выхаванцаў ва ўстановы адукацыі, у тым ліку ў групы кароткачасовага знаходжання ажыццяўляецца на працягу каляндарнага года на падставе:
 - накіравання ў дзяржаўную ўстанову адукацыі для засваення зместу адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, выдадзенага мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання дзяржаўнай установы адукацыі («Адно акно»);
 - заявы аднаго з законнага прадстаўніка выхаванца, з указаннем каляндарнага перыяду знаходжання на працягу года, часу знаходжання на працягу дня;
 - медыцынскай даведкі аб стане здароўя.

           Адукацыйны працэс у групах кароткачасовага знаходжання ажыццяўляецца на беларускай мове.
 Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання прыярытэтным відам дзейнасці з'яўляецца гульнявая (сюжэтна-ролевая, будаўніча-канструктыўная, творчая гульня, гульні-драматызацыі, гульні з правіламі (рухомыя і дыдактычныя) і інш.). Групы працуюць штодня.
   У групе створаны ўмовы для развіцця розных відаў дзейнасці з улікам магчымасцяў, інтарэсаў, патрэбаў саміх дзяцей.
    Мадэлі груп кароткачасовага знаходжання

  Кароткачасовае знаходжанне дзяцей у групе, якая функцыяніруе ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Гэтая мадэль не патрабуе спецыяльна выдзеленай групы. Дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту размяркоўваюць у пастаянна дзеючых групах, адпаведным узросту кожнага дзіцяці. Яны ўключаюцца ў адукацыйны працэс установы адукацыі з улікам запытаў законных прадстаўнікоў (спецыяльна арганізаваная і (або) нерэгламентаваная дзейнасць).
     Адаптацыйныя групы арганізуюцца з мэтай адаптацыі дзяцей ранняга ўзросту (да 3 гадоў) да ўстановы адукацыі, падтрымкі іх законных прадстаўнікоў у перыяд прывыкання выхаванцаў да новага асяроддзя і ролі раўнапраўных членаў групы аднагодкаў. Могуць функцыянаваць у спецыяльна абсталяваным памяшканні ўстановы адукацыі.
   У адаптацыйнай групе прадугледжваецца як сумеснае знаходжанне дзяцей і іх законных прадстаўнікоў, так і знаходжанне толькі дзяцей. Гэтая мадэль дапускае, што выхаванцы ў далейшым могуць быць прыняты ў адпаведную ўзроставую групу ўстановы адукацыі на пастаяннай аснове.

 Групы «Мацярынская школа» ствараюцца з мэтай рознабаковага развіцця выхаванцаў ад нараджэння да трох гадоў і аказання законным прадстаўнікам мэтанакіраванай, сістэматычнай дапамогі ў пытаннях выхавання дзяцей ранняга ўзросту. Групы функцыянуюць у спецыяльна абсталяваным памяшканні ўстановы адукацыі і прадугледжваюць сумеснае знаходжанне законных прадстаўнікоў і дзяцей ва ўмовах установы адукацыі і (або) сістэматычнае наведванне педагагічнымі работнікамі сем'яў выхаванцаў з мэтай аказання дапамогі законным прадстаўнікам у іх выхаванні, навучанні і развіцці.
    Прагулачныя групы мяркуюць знаходжанне дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту ў групе, якая функцыянуе на пастаяннай аснове, уключэнне іх у адукацыйны працэс на перыяд правядзення прагулкі (у першую і (або) другую палову дня). У названых групах адпаведна распарадку дня і з улікам узросту выхаванцаў арганізуюцца розныя віды дзіцячай дзейнасці (пазнавальна-практычная (назіранні, доследы і даследаванні, экскурсіі, мэтавыя прагулкі і інш.), гульнявая (дыдактычныя, сюжэтна-ролевыя гульні і інш.), працоўная (праца ў прыродзе, гаспадарча-бытавая праца), ажыццяўляецца фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць (рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні, самастойная рухальная дзейнасць і інш.), праводзіцца індывідуальная работа з дзецьмі па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і інш.

   Групы выхаднога дня, вячэрнія групы ствараюцца з мэтай аказання дапамогі законным прадстаўнікам выхаванцаў у выхаванні і развіцці дзяцей у выхадныя дні і вячэрні час.
Рэалізацыя зместу адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі ў групах выхаднога дня ажыццяўляецца як у спецыяльна арганізаванай (гульня, занятак), так і ў нерэгламентаванай дзейнасці.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў вячэрніх групах (напрыклад, з 18.00 да 19.30 - ва ўстановах адукацыі з працягласцю работы 10,5 гадзін) прыярытэтным відам дзейнасці з'яўляецца гульнявая (сюжэтна-ролевыя, будаўніча-канструктыўныя, рэжысёрскія, тэатралізаваныя, творчыя гульні, гульні-драматызацыі, гульні з правіламі (рухомыя і дыдактычныя) і інш.). Вячэрнія групы не павінны дзейнічаць узамен «дзяжурных», арганізацыя якіх ажыццяўляецца ва ўстановах адукацыі з улікам запытаў законных прадстаўнікоў выхаванцаў, рэжымам работы прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

    Групы па падрыхтоўцы да школы ствараюцца для дзяцей ад 5 да 7 гадоў з мэтай падрыхтоўкі да навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. З улікам колькасці дзяцей у такіх групах рэалізацыя зместу адукацыйных галін вучэбнай праграмы можа ажыццяўляцца як у спецыяльна абсталяваным памяшканні ўстановы адукацыі, так і ў старшай групе, якая функцыянуе  (ад пяці да сямі гадоў) пры ўмове наяўнасці ў ёй месцаў.
    Сезонная пляцоўка можа быць арганізавана па запытах законных прадстаўнікоў дзяцей на базе ўстановы адукацыі або спецыяльна выдзеленага памяшкання пры ўмове яго адпаведнасці патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Сезонная пляцоўка арганізуецца на перыяд пасяўных, уборачных работ пераважна ў сельскай мясцовасці.

   Адукацыйны працэс у групах кароткачасовага знаходжання ажыццяўляецца на аснове вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі (вучэбныя планы (вучэбы план ўстановы адукацыі, індывідуальны вучэбны план) і вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі) з улікам аптымальнага чаргавання відаў дзіцячай дзейнасці выхаванцаў: спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай.

  Навучанне і выхаванне дзяцей, якія наведваюць групы кароткачасовага знаходжання (за выключэннем груп выхаднога дня), ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам рэалізацыі адукацыйнага працэсу адпаведнай узроставай групы, складзеным на аснове вучэбнага плана ўстановы адукацыі.

Літаратура: метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання ад 2 да 7 гадзін ва ўстановах, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі.

Загадчык                                                      Л.К.Пінчук

згарнуць